Не сплю я, ды прарочы сон мне сніцца... Пігулкі п’ю, - магчыма, так засну... Ды колькі я ўжо сліны горкай праглынуў! - Інстанцыі, чыноўнікі-рупліўцы Абвесцілі мне жорсткую вайну - За тое, што спакой я ўзварухнуў, Што хрыпам я краіну скалануў, Каб даказаць, што ў коле я не спіца, За тое, што карціць мне, што не спіцца, Што ў перадачах іхніх заграніца Дае маю блатную даўніну І лічыць абавязкам павініцца: - Даруйце, што без згоды... - Ну і ну! За што яшчэ? За жоначку-вясну? Маўляў, не мог з савецкай ажаніцца! Маўляў, упарта лезу ў чужыну І надта ж не хачу на дно зваліцца! Што песню напісаў, ды не адну, Пра тое, як мы колісь білі фрыца, І пра байца, што бег на дзот зваліцца, А сам - ні сном ні духам пра вайну! Крычаць, што месяц я у іх сцягнуў І шчэ што ўкрасці я не праміну, - І небыліцу даганяе небыліца. Не спіцца мне... Ну, як жа тут не спіцца?! Не! Не сап’юся! Рукі працягну І свой тэстамент крыжам чыркану, І не забуду сам перахрысціцца, І песню напішу, ды не адну, І ў песні той кагосьці пракляну, Ды ў пояс не забуду пакланіцца Ўсім, хто пісаў, каб мне не даць зваліцца! Хай келіх горкі мой, - я іх не падману!
© Міхась Булавацкі. Пераклад, 1998
© Міхась Булавацкі. Выкананне, 2016