Сам вінаваты - льлю сьлязу
і вохкаю:
У каляіну я ўсьлізнуў
глыбокую.
Я мэты прызначаў раней
на выбар сам,
Цяпер жа з каляіны мне
ня выбрацца.
Крутыя коўзкія краі
У гэтых брудных каляін!
Каляіна віецца зьмяёй.
Хутка лопне цярпеньне маё!
І кляну я: каб гэтак ён жыў,
Хто яе для мяне пралажыў!
Але ж чаму мне ўсё ня ў тон -
нахабны я!
Умовы ў каляіне той
нармальныя:
Ніхто ня стукнець, не прытрэць -
ня скардзіся!
І ўперад, калі ласка, едзь -
ня ўпарціся!
У каляіне хоць сьпявай:
Хапае ежы і пітва!
І я хутка сябе астудзіў:
Не адзін я сюды заблудзіў!
Кола ў кола трымай - не трасе! -
І даедзеш туды, куды ўсе!
Вось нехта выбрыкнуў-паўстаў:
«А ну, пусьці!»
І з каляіны драцца стаў
па дурасьці.
Да дна запас ён папаліў
цяпла душы -
І паляцелі клапаны
і ўкладышы!
Ды скарабаціў ён краі
І каляіну пакрывіў!
Вось яго абрываецца сьлед...
Дзівака адкульнулі ў кювет,
Каб ён заднім ня мог замінаць
Па чужой каляіне імчаць.
І да мяне прыйшла бяда -
старцёр заеў!
Цяпер жа гэта не язда,
а ёрзаньне!
І трэба б выйсьці, падштурхнуць -
няспрытна мне.
Мо, дапаможа хто папхнуць
ды й выцягне?
Не прычакаць падмогі, не -
Чужая каляіна мне!
Распляваўся б я глінай і ржой
З каляінаю гэтай чужой!
Але тым, што яе паглыбляў,
Я і ў задніх надзею адняў.
Праняў мяне халодны пот
да костачкі!
І я ўзабраўся на капот,
маркотненькі.
Гляджу - размылі ручаіны
кволы яр.
Там выезд бачу з каляіны -
вольны я!
З-пад колаў гразьзю я плюю
На каляіну не сваю!
Гэй ты, задні! Рабі, як і я!
Гэта значыць - ня трэба за мной!
Каляіна тут - толькі мая!
Выяжджай каляінай сваёй!..
|