Я ціха жыў, не дзьмуў у вус, Свабодны ад дурных спакус, З людзьмі ў ладах - не пагарджаў і не ілгаў, Хрыбет не гнуў - прамым хадзіў, І ўбок ніколі не зблудзіў, І галаве сваёй рукамі памагаў... Ды быў данос, а там турма - Кругом пяцьсот і нас няма... Быў кабінет з таблічкай «Время уважай!» Не прычакаеш там спагад, Там штэмпель ставяць наўздагад, Нібы ў капэрце пасылаюць за Мажай. Тады - залік, пасля - дамоў, За спінай - сем ліхіх гадоў - Вісяць яны на мне - ні кінуць, ні прадаць. Ды на таго лёс скіраваў, Хто ўсіх увішна вербаваў, І за Урал машыны стаў пераганяць. Дарога, а ў дарозе - МАЗ, Які па макаўку заграз. Ў кабіне змрок, напарнік доўгі час маўчыць. Хаця б крычаў, - кіплю я злом. Завея бесіцца за шклом, А ён зубамі «Танец з шаблямі» брынчыць. Маршрут даўно нам давялі - І МАЗ даставіць мы маглі. Што наша справа - сеў, паехаў - дзень ці ноч! Ну трэба ж так - пад Новы год - Туды пяцьсот, назад пяцьсот. Сігналіш марна - тут жывога не чутно! «Глушы матор, - азваўся ён, - Тут МАЗу нашаму гамон!» Маўляў, глядзі, тут больш няма чаго чакаць. Кругом пяцьсот па даўгаце, Да ночы цалкам замяце, Так зараўняе, што не трэба і хаваць!.. Я гавару яму: «Не плач!» А ён глядзіць, нібы крумкач З шалёным тварам, і ў руцэ трымае прут. А што яму - ён тут як звер, І хто каго перажыве, Той і дакажа, хто быў правы, як прыпруць! Ён быў за брата мне радней, Ён у мяне з далоні еў. А тут як гляне ў вочы - быццам шкрабане. А што яму! Пасля, псямаць, Хто там захоча разабраць, Што ён забыў, хто я яму і хто ён мне! І ён пайшоў кудысьці ўбок. Я адпусціў, а сам прылёг. Мне сніўся сон пра наш «вясёлы» наварот: Нібыта зноў кругом пяцьсот, Шукаю выхад я з варот, Яго няма, а толькі маецца ўваход. ...Канец такі: прыйшоў цягач, І там быў трос, і быў урач, Патрапіў МАЗ, куды прызначана яму. І ён прыйшоў - дрыжыць увесь... І там - ізноў далёкі рэйс - Я зла не помню, я з сабой яго вазьму!..
© Міхась Булавацкі. Пераклад, 2016