Навошта шпаною мне быць ці бандытам? Я лепш далучуся да антысэмітаў. На іхным баку, - хай няма і законаў, - Падтрымка і энтузіязм ста мільёнаў. Вось вырашыў я, што камусьці быць бітым. Даведацца трэба, хто ж гэта - сэміты? Магчыма, яны - вельмі добрыя людзі, Быць можа, гадоў пяць за іх мне прысудзяць?! Але мой настаўнік - п’янтос з бакалеі - Сказаў, што сэміты - дык гэта габрэі. Шанцуе мне так, што я скончыў вагацца: Я ўжо не трасуся, каго мне баяцца! Мацуюся я, бо з глыбокай пашанай Адношуся я да Альбэрта Айнштайна. Прабачце вы мне, запытаю міжвольна, Аднесьці куды мне Абрама Лінкольна? Між імі - ў пакутах ад Сталіна Каплер, Між імі - шануемы мной Чарлі Чаплін, Мой сябар Мільштэйн і ахвяры фашызму, Там нават і сам заснавальнік марксызму. Але ж той п’янтос мне казаў пад каўбаску, Што п’юць яны кроў немаўлят хрысьціянскіх. І хлопцы аднойчы ў піўнушцы казалі, Што Бога яны неяк раскрыжавалі. Ім трэба крыві! І яны бессаромна Мардуюць сланоў у зьвярынцах штодзённа. І гэта яны ж у народа пакралі Ўсё жыта, што летась калгасы сабралі. Ля Курскай, Казанскай, Смаленскай чыгунак, Як богі жывуць - усюль гэткі малюнак. Нічога для справы такой не шкадую - І б’ю я жыдоў, і Расею ратую!
© Артур Пэдзько. Пераклад, 2002