Ў дарогу - руш! Ці - у труну лягай! Так! Выбар небагаты перад намі. Далі жыцьцё нам - не жыцьцё, а рай, - Але ж для пэўнасьці скавалі кайданамі. А нехта, без аглядкі ды наўгад, Ўсяму паверыў неасэнсавана. Ці то жыцьцё - калі ты ў ланцугах? А хіба ж выбар то - калі скаваны?! Каварная нам зробленая ласка - Нібыта ў злых пустынях міражы: Сьмерць ад сваіх - наперадзе з грымаскай, І ззаду сьмерць, але ўжо ад чужых. І сшэрхла цела, і сышла душа, І мы маўчым, як падстаўныя пешкі, А з-за крывога лабавога шкла Нам ганьба шчэрыцца ды рассыпае ўсьмешкі. Калі б вось тыя ланцугі парваць - Забілі б тады ўласнымі рукамі Таго, хто здагадаўся прыкаваць Нас да жыцьця такога ланцугамі. Няўжо мы шчэ на нешта спадзяемся? А можа, нам ланцуг не па зубах? Тады чаму ж у браму раю б’емся Касьцямі мы па кованых скабах? Прапанавалі выхад нам з вайны, Але цану такую закруцілі, Што, да жыцьця прысуджаныя, мы Павінны бавіць час у здрадзе, ганьбе, цьвілі. Каштуе ці жыцьцё такой цаны?! - У гэтым сьвеце ўсё неверагодна! І воддаль ад вялікай той вайны Магчымасьць ёсьць яшчэ памерці годна. Ня трэба нас з балотнай сьлізьзю мераць - Мы гнёздаў сабе ў гнілі не саўём! Пакутлівым жыцьцём нам не памерці - Мы лепей пэўнай сьмерцю ажывём!
© Артур Пэдзько. Пераклад, 2002