Дык чаму ўсё не так? Не забрала ж бяда? Бачыш неба - блакітна-жывое, Той жа лес, і паветра, і нават вада... Толькі ён не прыйшоў з поля бою. Не ўцяміць цяпер, хто меў рацыю з нас У размовах без сну і спакою. «Не хапае цябе», - зразумеў я ураз, Калі ён не прыйшоў з поля бою. Неўпапад ён маўчаў і не ў такт падпяваў І заўжды гаварыў не пра тое, Ён мне спаць не даваў і да сонца ўставаў, - А пасля не прыйшоў з поля бою. Пуста ў сэрцы, хоць бачу я неба шацёр. Зразумеў раптам: нас было двое... Для мяне - быццам ветрам задзьмула касцёр, Калі ён не прыйшоў з поля бою. Зноў вясна. Капяжы, як калісьці, звіняць. Выпадкова паклікаў яго я: «Дружа, дай закурыць!» - а ў адказ цішыня... Не вярнуўся учора ён з бою. Не пакінуць ніколі яны у бядзе, Нашы паўшыя - як вартавыя. Неба ў лесе люструецца, нібы ў вадзе, - Ды і дрэвы - блакітна-жывыя. Нам з ім месца ў зямлянцы хапала ўпаўне, Сябравалі часінай любою... Ўсё цяпер - аднаму, - толькі мроіцца мне - Гэта я не прыйшоў з поля бою.
© Дзмітрый Пятровіч. Пераклад, 2016